У 2022 годзе Беларуская Праваслаўная Царква адзначае 1030-годдзе з дня заснавання. Менавіта столькі гадоў таму на тэрыторыі Белай Русі была ўтворана першая, найстаражытнейшая епархія – Полацкая. У сувязі з гэтым у новым годзе ў краіне пройдзе шэраг царкоўна-грамадскіх мерапрыемстваў. 9 студзеня на сцэне Палаца мастацтваў горада Бабруйска адбылося адно з першых – музычная пастаноўка «Хустачка святой Ефрасінні». Спектакль створаны творчымі сіламі Бабруйскай епархіі і аддзелам культуры Бабруйскага гарвыканкама. 

На падзеі прысутнічалі госці: кіруючы архірэй Бабруйскай епархіі епіскап Серафім; старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў, старшыня Бабруйскага райвыканкама Аляксандр Суходольскі, кіраўнікі прадпрыемстваў, дзеячы культуры і адукацыі вобласці. У фінале праграмы выступіў заслужаны артыст Беларусі Руслан Алехна – сольна і разам з дачкой Варварай. 

«У спектаклі мы асабліва пастараліся раскрыць тэму 1030-годдзя гістарычнай памяці заснавання Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Як вядома, аснова асноў беларускай культуры і дзяржаўнасці – гэта Полацкае княства і праподобная Ефрасіння Полацкая з яе Спаскім манастыром, кнігамі, якія яна перапісвала, асветай, якую яна несла. Гэта нашы карані, гэта аснова нашай духоўнасці і сутнасці беларускага народа», – сказаў епіскап Серафім у фінале мерапрыемства і пажадаў усім шчаслівых калядных дзён, працягу святак, добрага здароўя, дабрабыту і міру. 

За аснову сюжэта спектакля стваральнікі ўзялі сапраўдны выпадак ацалення маленькай бабруйчанкі. Ён адбыўся ўсяго шэсць гадоў таму. Дзяўчынцы ў сне з'явілася праподобная Ефрасіння, уручыла хустачку і ўказала шлях да выздараўлення. Па заступніцтве святой і малітвах маці яна, на вялікае здзіўленне ўрачэбнай камісіі, ацалілася ад анкалагічнага захворвання. 

Такі цуд ад праподобнай – адзін са шматлікіх. Як расказала Людміла Навумчык, рэжысёр-пастаноўшчык, пасля спектакля яна атрымала шмат водгукаў. Гледачы, якія былі ў зале, сардэчна дзякавалі за працу і дзяліліся падобнымі праявамі клопату ад святой Ефрасінні ў сваім жыцці. Сотні і тысячы ацаленняў адбываліся з бабруйчанамі пасля дакранання да мошчаў праподобнай у Полацку. 

9-01-2022-koncert-dom-kulturi-7.jpg

Гісторыя выздараўлення дзяўчынкі і жыціе дзівоснай князёўны перададзены ў перапляценні танцавальных нумароў, глыбакадумных песень у жывым выкананні, старанна падабраных інтэрактыўных дэкарацый і відэасуправаджэння. У канву сюжэта арганічна ўпісаны спевы хору «Усіхсвяцкі» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Такмакова. 

Акцёры спектакля – прыхаджане, вучні і выпускнікі нядзельнай школы Елісавецінскага храма горада Бабруйска. У працэсе падрыхтоўкі пастаноўкі ўдзельнікі наўмысна наведалі Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, дзе пагутарылі з настаяцельніцай абіцелі ігуменняй Еўдакіяй (Леўшук) і манахінямі. У манастыры быў зняты відэаматэрыял для інтэрактыўных дэкарацый. 

9-01-2022-koncert-dom-kulturi-16.jpg

«Цуды здараюцца! Трэба толькі верыць і маліцца» – з такім лейтматывам, агучаным акцёрамі спектакля «Хустачка святой Ефрасінні», можна смела працягваць жыць і не баяцца ніякіх цяжкасцей. Калі заручыцца цвёрдым упаваннем, дапамогай Бога і святых Яго.

Бабруйская епархія/Church.by