У 2022 годзе Беларуская Праваслаўная Царква адзначае 1030-годдзе прыходу Праваслаўя на беларускую зямлю. Гэты больш чым тысячагадовы шлях не быў простым. Праваслаўе на тэрыторыі цяперашняй Беларусі не раз стаяла перад пагрозай знікнення. Аднак провід Божы, стойкасць у веры простага народа і мучаніцтва яго святых падзвіжнікаў захавалі традыцыі старажытнага праваслаўнага благачэсця. Яны жывыя і сёння.
Гісторыя Праваслаўнай Царквы ў Беларусі непарыўна звязана з гісторыяй дзяржаўных утварэнняў, якія існавалі на яе тэрыторыі: Полацкага і Тураўскага княстваў, Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Савецкай дзяржавы, кіруючыя колы якіх нярэдка аказвалі вырашальны ўплыў на стан царкоўнага жыцця насельніцтва гэтых зямель.
Зыходзячы з гэтага, у гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы можна вылучыць шэсць перыядаў:
Першы — ад часу Хрышчэння Русі да сярэдзіны XIII стагоддзя, калі пад ударамі мангола-татар пала Усходняя і Паўднёвая Русь (X стагоддзе — першая палова XIII стагоддзя). Гэта быў час зацвярджэння хрысціянскага веравучэння, станаўлення царкоўнай структуры, традыцый праваслаўнай культуры.
Другі перыяд звязаны з утварэннем Вялікага княства Літоўскага да абвяшчэння Брэсцкай царкоўнай уніі (другая палова XIII стагоддзя — канец XVI стагоддзя). Яго характэрнай рысай з’яўляецца паступовая страта пазіцый Праваслаўнай Царквы ў выніку палітыкі рэлігійнай індыферэнтнасці, якую праводзілі язычніцкія ўлады Вялікага княства Літоўскага, а з 1387 года — адкрытай падтрымкі Рымска-каталіцкай царквы. Завяршыўся дадзены перыяд прыняццем Брэсцкай царкоўнай уніі.
Трэці перыяд (XVII стагоддзе — канец XVIII стагоддзя) — час барацьбы за выжыванне ва ўмовах панавання каталіцызму і антыправаслаўнага заканадаўства, дзеянне якога паставіла Праваслаўную Царкву на мяжу знікнення і стварыла ў Рэчы Паспалітай праблему дысідэнцтва.
Чацвёрты перыяд (канец XVIII стагоддзя — пачатак XX стагоддзя) — уключэнне тэрыторый Белай Русі ў склад Расійскай імперыі, перыяд адраджэння Праваслаўя і ўз’яднання беларускага народа, падзеленага Брэсцкай царкоўнай уніяй на праваслаўных і уніятаў (1795–1917 гг.).
Пяты перыяд (1917–1988 гг.) звязаны з цяжкімі выпрабаваннямі, якія Праваслаўная Царква перажыла ў савецкі час.
Найноўшы перыяд у гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы пачынаецца з заснавання Беларускага Экзархата Маскоўскага Патрыярхата ў 1989 годзе і працягваецца аж да сённяшняга дня. Ён характарызуецца няпростым працэсам духоўнага адраджэння грамадства і імклівага аднаўлення пазіцый Праваслаўя ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь.
З падрабязным аглядам гісторыі Праваслаўя на беларускіх землях можна азнаёміцца ў артыкуле «Православие на землях Беларуси: страницы истории», апублікаваным у навуковым часопісе «Ортодоксия».
Аўтар артыкула Цяплова Валянціна Анатольеўна – кандыдат гістарычных навук, загадчыца кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Валянціна Анатольеўна — вядучы і найбольш аўтарытэтны спецыяліст у Беларусі па гісторыі Праваслаўя на беларускіх землях, якая выхавала не адно пакаленне навукоўцаў. Яна прысвяціла гэтай тэме некалькі дзесяцігоддзяў і падрыхтавала больш за сотню публікацый. Артыкул уяўляе сабой структураваныя часткі і выцяжкі з больш ранніх тэкстаў аўтара, а таксама новыя арыгінальныя дапаўненні і абагульненні. Дадзенае даследаванне разглядае гісторыю Праваслаўя на беларускіх землях да 1917 года. Аўтар аналізуе асноўныя перыяды і вехі гісторыі Праваслаўя на беларускай зямлі: станаўленне Праваслаўя пасля Хрышчэння Русі, мангола-татарскае нашэсце на Русь, узнікненне Вялікага княства Літоўскага, Брэсцкая царкоўная унія, жыццё Праваслаўя ва ўмовах ціску лаціна-каталіцкай культуры, пераадоленне рэлігійнага расколу ў XIX стагоддзі.