11 красавіка 2022 года ў Мінскай духоўнай семінарыі прайшла II унутрывузаўская канферэнцыя «Духоўная спадчына Праваслаўнай Царквы: мінулае, сучаснае, будучае. Да 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях».
Канферэнцыя стала працягам рэалізацыі рашэння Вучонага савета Мінскай духоўнай семінарыі, прынятага ў жніўні 2020 года, аб штогадовым правядзенні ўнутрывузаўскай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі. Рашэнне аб правядзенні такіх канферэнцый было прынята з мэтай садзейнічання фарміраванню ў студэнтаў духоўнай школы навыкаў публічнага выступлення, умення аргументавана весці дыскусію, а таксама апрабацыі вынікаў выпускных кваліфікацыйных работ.
Праца першай унутрывузаўскай канферэнцыі пачалася ў актавай зале. Пасля малітвы да ўдзельнікаў звярнуўся рэктар протаіерэй Віктар Васілевіч, які адзначыў, што дадзены форум пакліканы дапамагчы студэнтам раскрыць свае таленты, зразумець, якая галіна багаслоўя ім бліжэйшая. Далей прарэктар па навуковай рабоце дацэнт Аляксандр Слесараў у сваім выступленні акрэсліў задачы і парадак правядзення форуму. Да сабраных таксама звярнуліся са словамі настаўлення загадчык кафедры Царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай семінарыі, старшыня Сінадальнай гістарычнай камісіі Беларускага Экзархата протаіерэй Аляксандр Раманчук, прарэктар па выхаваўчай рабоце іераманах Агафангел (Будзішын) і прарэктар па вучэбнай рабоце іерэй Канстанцін (Мачан).
Пасля агульнага фота праца канферэнцыі працягнулася ў межах шасці тэматычных секцый: «Праваслаўная біблеістыка», «Праваслаўнае багаслоўе», «Гісторыя Праваслаўнай Царквы», «Літургічная традыцыя Праваслаўнай Царквы», «Кананічная традыцыя Праваслаўнай Царквы». Мадэратарамі работы секцый выступілі выкладчыкі профільных кафедр.
Даклады студэнтаў былі заснаваны на навуковым матэрыяле, атрыманым у ходзе напісання курсавых і дыпломных работ, і падрыхтаваны пры падтрымцы навуковых кіраўнікоў, многія з якіх таксама бралі актыўны ўдзел у рабоце секцый. Працэс падрыхтоўкі даклада і самі выступленні садзейнічалі актуалізацыі і апрабацыі атрыманых у ходзе даследавання вынікаў.