19 лютага, у дзень 30-годдзя адраджэння Навагрудскай епархіі, быў пакладзены пачатак урачыстасцям, прымеркаваным да святкавання 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях і 30-годдзя адраджэння епархіі. 

У 1992 годзе ў гэты дзень рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ў складзе Беларускага Экзархата былі адноўлены Гродзенская і Навагрудская епархіі. 

У памяць пра гэту падзею, як частку гісторыі беларускага Праваслаўя, было здзейснена саборнае служэнне падзячнага малебна ў Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы горада Слоніма, якое ўзначаліў сакратар Навагрудскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Дзімітрый Сёмуха. У царкоўных акругах Навагрудскай епархіі падзячныя малебныя спевы ўзначалілі благачынныя акруг і настаяцелі храмаў. 

*** 

Паводле летапісных сведчанняў Навагрудак быў заснаваны ў 1044 годзе Вялікім князем Кіеўскім Яраславам Мудрым. 

Пачынаючы з XIII стагоддзя, гэты старажытны горад паступова ўмацоўваўся ў якасці палітычнага і рэлігійнага цэнтра Вялікага княства Літоўскага.

У XII стагоддзі (час жыцця і подзвігаў праподобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай) у Навагрудку быў пабудаваны праваслаўны храм у гонар святых страстацярпцаў Барыса і Глеба. 

У XIII стагоддзі непадалёку ад Навагрудка праподобны Елісей заснаваў адзін з найбольш старажытных на беларускай зямлі Лаўрышаўскі манастыр. У гэтай абіцелі былі школа, бібліятэка, вялося летапісанне. Сам праподобны Елісей быў сынам князя Тройната, займаў высокую пасаду пры двары князя Міндоўга. Стаўшы хрысціянінам, ён пакінуў двор, сышоў у пустыню і заснаваў лаўру. 

У пачатку XVI стагоддзя ў межах Вялікага княства Літоўскага была заснавана Заходне-Руская мітраполія, і Навагрудак стаў галоўным кафедральным горадам гэтай мітраполіі (саступіўшы гэта першынство гораду Вільні ў XV стагоддзі).

Пасля падпісання уніі праваслаўнае насельніцтва Навагрудка аказвала ёй цвёрдае супраціўленне. Уніяцкія ўлады ўсталёўвалі новыя парадкі сілай зброі і жорсткага ўціску праваслаўных. У 1635 годзе польскі кароль Уладзіслаў IV забараніў праваслаўным мець у Навагрудку свае цэрквы і здзяйсняць богаслужэнні. Аднак айчынная вера не была забыта. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Навагрудак стаў павятовым горадам Гродзенскай, а з 1842 года – Мінскай губерні Расійскай дзяржавы. Ужо ў 1864 годзе ў Навагрудскім павеце налічвалася 86 праваслаўных храмаў. 

11 кастрычніка 1991 года на пасяджэнні Свяшчэннага Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы было прынята рашэнне «аднавіць на тэрыторыі Гродзенскай вобласці самастойныя епархіі: Гродзенскую і Навагрудскую». 

Пастановай Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II і Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ад 19 лютага 1992 года старажытная епархія была адноўлена як самастойная.

25 снежня 2014 года са складу Навагрудскай епархіі была выдзелена самастойная Лідская епархія, пасля чаго ў веданні Навагрудскай засталіся Дзятлаўскі, Карэліцкі, Навагрудскі і Слонімскі раёны Гродзенскай вобласці.

З жніўня 1996 года па сённяшні дзень Навагрудскую епархію ўзначальвае Высокапраасвяшчэнны Гурый, архіепіскап Навагрудскі і Лідскі. 

У межах епархіі размешчаны стаўрапігіяльны Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр.

Фота: іерэй Мікалай Савіцкі

 Навагрудская епархія/Church.by