2 снежня 2021 года ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна адбылася рэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Праваслаўе ў духоўным жыцці Беларусі: 1030 гадоў», прысвечаная 1030-годдзю Праваслаўя на беларускіх землях.

Арганізатарамі адукацыйнага форуму выступілі: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, аддзел рэлігійнай адукацыі Брэсцкай епархіі, аддзел па рабоце з моладдзю Брэсцкай епархіі, гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.

У склад прэзідыума навукова-практычнай канферэнцыі ўвайшлі: архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, кандыдат багаслоўя, дацэнт; А. Я. Будзько, прарэктар па навуковай рабоце УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна», кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт; А. М. Вабішчэвіч, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна», доктар гістарычных навук, прафесар; А. М. Свірыд, дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна», кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння з вітальным адрасам да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння звярнуўся архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Яго Высокапраасвяшчэнства адзначыў гістарычную вядучую ролю Праваслаўнай Царквы на беларускіх землях у вырашэнні палітычных праблем, якая спрыяла гістарычнаму, духоўнаму і культурнаму развіццю беларускага народа, стаяла на варце ўнутранага міру і адзінства.

У ходзе пленарнага пасяджэння былі прадстаўлены даклады выкладчыкаў і студэнтаў гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, а таксама выкладчыкаў у свяшчэнным сане і студэнтаў Мінскай духоўнай семінарыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Санкт-Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі Рускай Праваслаўнай Царквы (на платформе ZOOM).

У рамках канферэнцыі працавалі тры секцыі, у ходзе якіх былі прадстаўлены шматлікія даклады студэнтаў УА «БрДУ імя А. С. Пушкіна», што датычыліся актуальных праблем айчыннай і сусветнай гісторыі, ролі Праваслаўнай Царквы як духоўна-маральнай асновы грамадства і інстытута; рэлігійнага аспекту ўзаемаадносін Расіі і Украіны – усяго было агучана 60 навуковых дакладаў.

Па заканчэнні канферэнцыі архіепіскап Іаан разам з А. Я. Будзько, прарэктарам па навуковай рабоце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, падзякавалі ўсім удзельнікам адукацыйнага семінара, а таксама падзяліліся меркаваннямі і магчымасцямі развіцця ўзаемаадносін паміж Брэсцкай епархіяй і ўстановамі адукацыі горада Брэста ў будучыні.

pravbrest.by/Church.by