З 13 па 17 ліпеня 2018 года па блаславенні епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда ў Тураўскай епархіі адбыўся водны крыжовы ход на байдарках (сплаў) па рацэ Прыпяць «Шляхам свяціцеля Макарыя, мітрапаліта Кіеўскага», прымеркаваны да знамянальнай даты, якую ў гэтым годзе адзначае ўся паўната Рускай Праваслаўнай Царквы – 1030-годдзя Хрышчэння Русі.

Арганізатарам правядзення сплаву выступіў прыход кафедральнага сабора святога Архангела Міхаіла ў г. Мазыры пры падтрымцы і садзейнічанні кіраўніцтва ДПУ НП «Прыпяцкі» і аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама.

Усяго ў крыжовым ходзе ўзялі ўдзел 45 чалавек, у лік якіх уваходзілі святары, супрацоўнікі епархіяльнага ўпраўлення, прыхаджане храмаў горада Мазыра, прадстаўнікі РАУС, педагагічныя работнікі, індывідуальныя прадпрымальнікі, госці з Расійскай Федэрацыі, а таксама навучэнцы і выпускнікі ДУА «Скрыгалаўская сярэдняя школа Мазырскага раёна» на чале з іх настаўнікам Тураўцом Васілём Міхайлавічам і бацькамі.

Увечары 13 ліпеня, перад пачаткам сплаву, усе ўдзельнікі воднага крыжовага ходу сабраліся ў старажытным горадзе Тураве на набярэжнай ракі Прыпяць, дзе разбілі палатачны лагер і падрыхтавалі байдаркі да доўгага падарожжа.

Малебен пад адкрытым небам узначаліў епіскап Леанід у саслужэнні ключара кафедральнага сабора святых Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх протаіерэя Васілія Пытэля і протадыякана Георгія Тыванюка.

Малітоўна падтрымаць паломнікаў таксама прыбылі і іншыя святары – протаіерэй Анатолій Янушка (духоўнік епархіі), протаіерэй Аляксандр Філь са Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора г. Мазыра і іерэй Ігар Цвяткоў з Параскевінскага храма ў г. Жыткавічы.

Уладыка акрапіў кожнага свянцонай вадой і пажадаў Божай дапамогі і паспяховага праходжання воднага крыжовага ходу.

Маршрут сплаву праходзіў ад г. Турава ‒ калыскі Праваслаўя на Палескай зямлі праз в. Пераровскі Млынок, аг. Ляскавічы, г. Петрыкаў і да вёскі Скрыгалаў Мазырскага раёна ‒ месца мучаніцкай смерці свяшчэннамучаніка Макарыя, і склаў 120 км па вадзе.

Раніцай 14 ліпеня, пасля агульнай малітвы і трапезы, усе з Божай дапамогай адправіліся па рацэ Прыпяць. На чале калоны плыла байдарка з харугвай свяшчэннамучаніка Макарыя Кіеўскага – свяціцеля, асабліва шанаванага ў Тураўскай епархіі.

У вёсцы Пераровскі Млынок, дзе адбыўся начлег, да ўдзельнікаў сплаву далучыўся настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці «Нечаканая Радасць» у аг. Курыцічы Петрыкаўскага раёна іерэй Сергій Капітан, які штодня служыў малебен для ўсіх, хто ўдзельнічаў у водным крыжовым ходзе.

15 ліпеня водны крыжовы ход спыніўся на начлег у аграгарадку Ляскавічы, дзе ўсе ўдзельнікі змаглі наведаць мясцовыя славутасці – драўляны храм у імя Архангела Міхаіла і музей прыроды, размешчаны ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Настаяцель Ляскавіцкага прыхода ігумен Аляксій (Карніцкі) цёпла і радасна сустрэў паломнікаў. Таксама ў гэты дзень да крыжовага ходу далучыўся старшыня епархіяльнага аддзела па ўзаемадзеянні з Узброенымі Сіламі і іншымі воінскімі фарміраваннямі Рэспублікі Беларусь іерэй Аляксандр Бушлякоў.

У Ляскавічах лагер падарожнікаў наведаў епіскап Леанід. Уладыка з бацькоўскім клопатам пагутарыў з усімі ўдзельнікамі сплаву, прачытаў павучальныя праваслаўныя апавяданні, паразважаў пра важную падзею – Хрышчэнне Русі і пра ахвярны подзвіг свяшчэннамучаніка Макарыя Кіеўскага, а таксама закрануў многія пытанні, асабліва актуальныя для праваслаўных вернікаў. На завяршэнне наведвання архіпастыр пажадаў моцы сіл цялесных і душэўных для далейшага праходжання воднага сплаву, атрымання ўдзельнікамі духоўнай карысці і ўдзяліў блаславенне.

16 ліпеня адбыўся начлег у г. Петрыкаве, а раніцай 17 ліпеня ўдзельнікі воднага крыжовага ходу апынуліся ля намечанай мэты.

На беразе старога рэчышча ракі ўсіх, хто ўдзельнічаў у крыжовым ходзе на байдарках, сустрэў уладыка Леанід і павіншаваў са шчаслівым прыбыццём.

Усе гэтыя дні, здзяйсняючы сваё шэсце па вадзе, удзельнікі ў думках пераносіліся ў тыя часы, калі ў далёкім 1497 годзе свяціцель Макарый менавіта па гэтых маляўнічых мясцінах разам са сваімі спадарожнікамі ішоў па вадзе з Наваградка ў Кіеў, да месца сваёй архірэйскай кафедры, а ўвечары, пасля трапезы, седзячы ля вогнішча, разважалі над ахвярным подзвігам, які здзейснілі гэтыя пабожныя людзі, адстойваючы сваю ісцінную Праваслаўную веру. Кожнаму ўдзельніку хацелася стаць сваім сэрцам бліжэй да Бога, здзейсніўшы хоць бы невялікі духоўны подзвіг…

У азнаменаванне завяршэння крыжовага ходу ля стэлы свяціцелю Макарыю, мітрапаліту Кіеўскаму, размешчанай непадалёк ад в. Скрыгалаў, епіскапам Леанідам быў адслужаны падзячны малебен і была прачытана малітва свяшчэннамучаніку Макарыю.

Удзельнікі воднага крыжовага ходу выказваюць глыбокую падзяку епіскапу Тураўскаму і Мазырскаму Леаніду, кіраўніцтву Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» і ўсім святарам, якія малітоўна падтрымлівалі іх падчас воднага падарожжа, а таксама ўсім тым, хто паспрыяў правядзенню сплаву.

Тураўская епархія / Church.by